Афіцыйны сайт
16 кастрычніка 2017

Іван Жук: «Правядзенне прамых ліній павышае эфектыўнасць работы кіраўнікоў на месцах»

Суботнюю прамую лінію з жыхарамі вобласці правёў першы намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Іван Жук. 

У ходзе прамой лініі тэлефанаваўшыя атрымалі адказы больш чым на 40 пытанняў. Каля паловы з іх тычыліся працы ЖКГ. Людзей хвалявалі пытанні капітальнага рамонту жылля, добраўпарадкавання дваровых тэрыторый, будаўніцтва жылля, працаўладкавання, гандлёвага абслугоўвання, сацыяльнага забеспячэння. 

Жыхароў Астравецкага раёна хвалюе пытанне нездавальняючага стану дарогі Навасёлкі - Дубок, якую моцна размываюць дажджы. 

Ёсць яшчэ лясная аб'язная дарога, але яна таксама ў нездавальняючым стане. Іван Алёйзавіч звязаўся са старшынёй Астравецкага райвыканкама Ігарам Шалудзіным і даў яму даручэнне выехаць на месца і аператыўна прыняць меры.

Аналагічную тэму трэба будзе вырашыць і ў Шчучынскім раёне: неабходны рамонт дарогі Новая Руда - Бершты. 

На час рэканструкцыі электрасетак па вуліцы Камсамольскай у гарадскім пасёлку Мір Карэліцкага раёна дэмантаваныя ліхтары. Людзі, якія патэлефанавалі на прамую лінію, цікавіліся, калі з'явіцца асвятленне.

 Каля паловы зваротаў паступілі з Гродна і тычыліся працы ЖКГ. Жыхарка дома па вуліцы Леніна, 26 цікавілася, калі будзе праведзены яго капітальны рамонт. У арэндным доме па вуліцы Арджанікідзэ, 16 дах патрабуе рамонту. Жыхару мікрараёна Фолюш патлумачылі, дзе ў Гродне ў бліжэйшы час пройдуць сельскагаспадарчыя кірмашы. 

На многія пытанні тэлефанаваўшыя адразу атрымалі адказы. Звароты, якія патрабуюць дэталёвага вывучэння, узяты на кантроль адпаведнымі службамі. 

Падводзячы вынік трохгадзінных зносін з жыхарамі рэгіёну, Іван Жук адзначыў, што правядзенне прамых ліній не толькі дапамагае жыхарам вобласці аператыўна вырашаць пытанні, але і падганяе кіраўнікоў на месцах, павышае эфектыўнасць іх працы: «Яны разумеюць, што ніхто іншы не ліквідуе праблемы, што ўзніклі, таму імкнуцца знайсці рашэнне пытанняў, якія знаходзяцца ў іх кампетэнцыі ». 

Гродзенская праўда