Афіцыйны сайт
26 ліпеня 2019

Ігар Жук: Не трэба баяцца перадачы паўнамоцтваў мясцовым органам улады

З такога меркавання пачалася наша размова з кіраўніком дэпутацкага корпуса Гродзеншчыны. На думку старшыні абласнога Савета дэпутатаў Ігара Жука, многія пытанні можна вырашыць на месцы, калі для гэтага з'явяцца адпаведныя паўнамоцтвы. Людзі не будуць звяртацца ў вышэйшыя інстанцыі па хвалюючых пытаннях. Яны будуць бачыць, што мясцовая ўлада — гэта ўлада, якая вырашае іх праблемы.

— З такімі думкамі цяжка не пагадзіцца, Ігар Георгіевіч. Але ўзнікае пытанне: якім чынам гэтыя паўнамоцтвы будуць замацаваны?

— У рабоце над новай рэдакцыяй Канстытуцыі выстаўлена тэма аб дэлегаванні шэрагу паўнамоцтваў Савету Рэспублікі, парламентарыям, мясцовым органам улады. І калі будуць унесены змены ў галоўны дакумент, зменяцца і многія заканадаўчыя акты, у тым ліку і закон, які наўпрост звязаны з работай органаў мясцовага самакіравання, — Закон аб мясцовым кіраванні і самакіраванні.

— Ці гатовы на месцах да такіх крокаў?

— Мы бачым, што за 25 гадоў суверэннай Беларусі ў нас створана моцная выканаўчая вертыкаль улады. Цяпер наспеў час, каб заняцца дэцэнтралізацыяй і перадаць паўнамоцтвы мясцовым органам улады. Я думаю, што гэтага не трэба баяцца. Больш паўнамоцтваў, але і больш адказнасці. Мы праводзім маніторынг адносна практыкі, што трэба змяніць, у якім кірунку, дзе павялічыць паўнамоцтвы мясцовых органаў улады.

— Як дэпутаты могуць паўплываць на вырашэнне надзённых праблем сваіх выбаршыкаў?

— Многае і цяпер атрымліваецца зрабіць. Мы аналізуем гэтыя звароты і ўлічваем пры складанні бюджэта на будучы год. Такая работа пачынаецца ўжо з верасня. Усе прапановы акумулюем і пад самыя злабадзённыя ўносім фінансавую падтрымку для іх рэалізацыі. Задача дэпутатаў — актыўна абмяркоўваць бюджэт, уносіць прапановы ад сваіх выбаршчыкаў. І тут важна правільна расставіць прыярытэты: улічваць тыя пажаданні, якія часцей за ўсё выказваюць жыхары горада і сельскіх населеных пунктаў. Астатнія праблемы вырашаюцца ў чарговым парадку.

— Якія прыклады можна прывесці, калі людзі звярнуліся да дэпутатаў, а потым іх прапановы былі адлюстраваны ў бюджэце?

— Для сельскіх жыхароў актуальна праблема чыстай вады. І гэта праблема многіх раёнаў. У сельскіх населеных пунктах не хапае станцый абезжалезвання вады. Дэпутаты гэтыя праблемы выслухоўваюць, аналізуюць, і на гэтай падставе фарміруецца абласная праграма па будаўніцтве станцый абезжалезвання. Напрыклад, сёлета ў вобласці будзе пабудавана каля 45 станцый, яшчэ столькі — налета. Жыхары рэгіёна ведаюць, у якіх населеных пунктах яны будуюцца, калі гэта будзе, і зваротаў па гэтым кірунку значна менш. У нас добрыя тэмпы. Да 2025 года мы вырашым гэту праблему, як таго патрабуе кіраўнік дзяржавы.

— Якое значэнне ў рабоце дэпутатаў мае такі фактар, як празрыстасць?

— Чалавека важна праінфармаваць. Бо калі ён ведае, што і як робіцца, тады не ўзнікае пытанняў і зваротаў. Такая практыка ў нас у вобласці вядзецца. Што датычыцца фінансавага боку, на сесіях кожны квартал абмяркоўваем з дэпутацкім корпусам, як ідзе рэалізацыя бюджэту, і пры неабходнасці робім карэкціроўкі. У нас распрацавана абласная інвестыцыйная праграма, якая даступна на сайце аблвыканкама, і людзі бачаць, якія аб'екты будуць пабудаваны за яе сродкі.

— Тым не менш прамыя звароты ў вышэйшыя інстанцыі па-ранейшаму актуальныя?

— Жыццё не стаіць на месцы, значыць, і праблемы ўзнікаюць новыя. А дзесьці і старыя своечасова не вырашаюцца. Таму жыхары прыходзяць на прыём альбо тэлефануюць падчас прамых ліній. Літаральна нядаўна да мяне па тэлефоне звярнулася каля 40 жыхароў вобласці. Многія скардзіліся на работу камунальнікаў: падчас моцных дажджоў адбыліся падтапленні, якія не паспявалі хутка ліквідаваць. У сваю чаргу, такія званкі — гэта маніторынг стану водаадводаў і каналізацыі, дзе патрэбны хуткі рамонт.

Жыхары аднаго з гродзенскіх мікрараёнаў звярнуліся з просьбай вярнуць прыпынак грамадскага транспарту, які быў перанесены з-за рэканструкцыі дарогі. Жыхары дома ў цэнтры Гродна скардзяцца на шумны бар побач з іх домам... Гэтыя праблемы пасля званкоў узяты на кантроль камунальных службаў. Не ўсе пытанні можна вырашыць тэрмінова, бо часам гэта патрабуе значных фінансавых затрат. Таму задача ўлады ў такіх выпадках — расставіць правільныя акцэнты.

— Як ідзе супрацоўніцтва з выканаўчай уладай? У якой галіне асабліва важна кансалідаваць намаганні?

— Апошнім часам агульныя намаганні накіроўваем на добраўпарадкаванне, навядзенне парадку на зямлі. Усе пытанні вырашаюцца разам на сумесных пасяджэннях выканаўчага камітэта, сесіях, прэзідыумах. Так, нядаўна мы правялі сумеснае пасяджэнне па праблемах ЖКГ вобласці. Гэта тая сфера, якая больш за ўсё выклікае заўвагі ў насельніцтва. Таму гэта актуальна, і мы шукаем шляхі эфектыўнай работы ЖКГ, расстаўлены стратэгічныя і тактычныя кірункі, якія забяспечвалі б якасныя паслугі. Не сакрэт, што менавіта па стане ЖКГ людзі даюць ацэнку мясцовай уладзе.

Цяпер мы разам з выканаўчым камітэтам рыхтуем маштабнае мерапрыемства — сумеснае пасяджэнне па павышэнні эфектыўнасці будаўнічай галіны Гродзеншчыны. Разгледзім, як выконваюцца патрабаванні дырэктывы № 8 аб прыярытэтах развіцця будаўнічай галіны. Гэта развіты комплекс у рэгіёне. У вобласці рэалізуецца маштабны праект — будаўніцтва Беларускай АЭС, многа аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры — стадыёны, школы, медыцынскія ўстановы. Узводзіцца жыллё. Па выніках пасяджэння будуць выпрацаваны рашэнні і па кадравых праблемах. Ідзе адток будаўнікоў, у тым ліку і за мяжу. Дэпутаты выступяць са сваімі прапановамі.

— Ці задавальняе Савет дэпутатаў стан прадпрымальніцтва ў рэгіёне? Як дэпутацкі корпус можа спрыяць развіццю гэтай важнай у эканоміцы структуры?

— Пры Гродзенскім аблвыканкаме і гар- і райвыканкамах створаны грамадска-кансультатыўныя саветы па развіцці прадпрымальніцтва, у склад якіх уваходзіць каля 80 % прадстаўнікоў бізнесу, таксама членамі такіх саветаў з'яўляюцца дэпутаты мясцовых Саветаў усіх узроўняў. На тэрыторыі вобласці створана добрая дыялогавая пляцоўка паміж органамі ўлады і бізнесу. Дарэчы, у галіне малога і сярэдняга бізнесу ў 2018 годзе створана 5884 новых працоўных месцаў. Прынцыпова новым фарматам работы з суб'ектамі малога і сярэдняга бізнесу стала «Адкрытая прыёмная для бізнесу»: выязныя мерапрыемствы ўжо прайшлі ў Дзятлаве і Шчучыне, а да канца года пройдуць ва ўсіх рэгіёнах вобласці. На сустрэчы з прадпрымальнікамі выязджаюць каля 20 кіраўнікоў і спецыялістаў розных інстанцый, дзяржаўных органаў і структур — на месцы бачаць тое, што хвалюе бізнес, і дапамагаюць аператыўна вырашыць усе пытанні. У рамках рэалізацыі нормаў Дэкрэта № 7 прыняты шэраг заканадаўчых актаў, у тым ліку якія спрашчаюць прадпрымальніцкую дзейнасць. Тэмп росту колькасці фізічных асоб у рамках існуючага заканадаўства склаў больш за 170 %.

Цяпер многія імкнуцца знайсці сябе ў гэтым кірунку, і мы павінны іх падтрымаць. Для гэтага праводзім сустрэчы, ёсць камісія, якая працуе з прадпрымальнікамі.
З імі вядзецца шчырая і зацікаўленая размова па ўсіх праблемах, выслухоўваем іх заўвагі, аналізуем, уносім свае прапановы ў структуры ўлады, Адміністрацыю Прэзідэнта. І зрухі ёсць. Тут можна прывесці прыклад Шчучынскага раёна, дзе ўлады працуюць эфектыўна, у гаспадарчы абарот уцягваюцца пустуючыя аб'екты, у тым ліку ваенныя гарадкі, былыя авіячасці. На адной з такіх пляцовак нядаўна запрацавала буйная фабрыка грыбоў, створаны аб'екты турызму. Плануем чарговую сесію правесці на базе Шчучынскага раёна, дзе будуць абмеркаваны якраз праблемы прадпрымальніцтва.

— Я ведаю, што гродзенскія дэпутаты наладжваюць міжпарламенцкія сувязі са сваімі замежнымі калегамі. Якія існуюць дагаворы і што можна пераняць у сваіх сяброў з-за мяжы?

— Савет дэпутатаў прымае ўдзел у беларуска-расійскіх форумах. Так, на пятым форуме, які летась прайшоў у Магілёве, падпісаны пагадненні паміж Гродзенскім абласным Саветам дэпутатаў і Калінінградскай абласной Думай. Падпісаны камерцыйныя кантракты на 100 мільёнаў долараў з расійскімі рэгіёнамі. Літаральна нядаўна я быў у Калінінградзе на форуме рэгіёнаў — партнёраў Калінінградскай вобласці. На ім было адзначана, як праз парламентарыяў, праз народную дыпламатыю, развіваюцца міжрэгіянальныя сувязі, а гэта і эканоміка, і культура, і спорт. Зусім нядаўна ў Санкт-Пецярбургу адбыўся VІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, у рамках якога падпісаны пагадненні аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве, дагаворы аб устанаўленні пабрацімскіх сувязяў паміж рэгіёнамі Гродзенскай вобласці і суб'ектамі Расійскай Федэрацыі. Таксама нам цікавы еўрапейскі вопыт. Мы прымалі ўдзел у мерапрыемствах, якія праводзіць Савет Рэспублікі Беларусі з удзелам партнёраў Савета Еўропы, дзе вывучылі вопыт мясцовага самакіравання. Гэта Польшча, Балгарыя, Украіна. Мы прымаем удзел у трансгранічных праектах. Разам з тым замежным партнёрам цікава даведацца пра наш вопыт, нам ёсць чым падзяліцца, што паказаць...

— Напрыклад, як вядзецца работа па ўвекавечванні памяці аб ахвярах вайны... Відавочна, што дэпутацкі корпус у гэтай рабоце знаходзіцца сярод арганізатараў.

— Напярэдадні святкавання 75-й гадавіны вызвалення Беларусі мы правялі пашыранае пасяджэнне прэзідыума абласнога Савета з грамадскімі арганізацыямі, дзе падвялі некаторыя вынікі выканання праграмы 2016—2020 гадоў па ўвекавечванні памяці аб загінулых у Першай і Другой сусветных войнах.

У вобласці арганізавана работа па падтрыманні парадку на месцах мемарыялаў, у нас больш за 700 такіх месцаў, за кожным замацаваны шэфы — валанцёры, працоўныя калектывы, БРСМ. Вызначылі далейшыя крокі ў рабоце. Падчас пасяджэння прагучала прапанова стварыць мемарыял на месцы шталага, дзе загінулі дзясяткі тысяч ваеннапалонных. Цяпер там вядзецца пошукавая работа, высвятляюцца імёны загінулых. Дэпутаты аблсавета ідэю мемарыяла падтрымалі, зараз будзем вырашаць, як гэта ўсё рэалізаваць.

— Вернемся да нашых злабадзённых пытанняў, такіх як занятасць насельніцтва. Для дэпутатаў гэта работа і адказная, і даволі клапатлівая, бо закранае лёс чалавека, яго жыццёвыя праблемы. Як працуюць камісіі па садзейнічанні занятасці ў Гродзенскім рэгіёне?

— Такія камісіі ўзначальваюць старшыні райсаветаў, у склад іх уваходзяць у тым ліку дэпутаты розных узроўняў. Гэта аўтарытэтны орган, які не толькі займаецца маніторынгам занятасці насельніцтва, але і дапамагае людзям у працаўладкаванні. Бываюць выпадкі, калі чалавек трапляе ў цяжкае жыццёвае становішча, і задача дэпутата — своечасова на гэта адрэагаваць. На камісіі прымаюцца адказныя рашэнні па вызваленні жыхароў ад павышаных тарыфаў на паслугі ЖКГ у выпадку знаходжання ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Камісія гэта ацэньвае, дэпутаты наведваюць гэтых людзей, уносяць свае прапановы. Без дэпутатаў зрабіць гэта было б складана.

Па матэрыялах сайта газеты "Звязда".